ЗАСВЕ́ДЧАННЕ НАТАРЫЯ́ЛЬНАЕ учыненне органамі натарыята дзеянняў, накіраваных на замацаванне грамадз. правоў і папярэджанне магчымых парушэнняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь З.н. належаць факты, якія могуць мець юрыд. вынікі (здзелкі, правільнасць копій дакументаў, выпісак з іх і інш.); засведчанне бясспрэчнага права (напр., права ўласнасці на спадчыну); наданне дакументам выканаўчай сілы (напр., учыненне выканаўчых надпісаў на пазыковых і плацежных дакументах); захаванне маёмасці, дакументаў, доказаў. З.н. звычайна робіцца ў памяшканні натарыяльнай канторы, а ў пэўных выпадках (з-за хваробы або інваліднасці кліента) — дома, у бальніцы.
т. 6, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)